Тэрыторыя Вежы на беларускай мове. Частка 7-я. Заўтра
Тэрыторыя Вежы. Частка 7-я. Заўтра.
Апошняя вольная майстэрня ў паўднёвай Вежы: белая падлога зліваецца са столлю і сцякае ў неба за шклом. У адной частцы круглай паловы – мастак Яўген Рамашоў, у другой – будучая студыя для музыкі Эміля Зянко. На сцяне - фрагмент праекта "Slow down", застаўся ад выставы ў Мінску. Вялізныя мурашы распаўзаюцца па руцэ, апускаючы цябе ў тлустую чорную зямлю, дзе схаваны ўсе шляхі. Для новых уладальнікаў Вежы - як месца прыцягнення, пакуль што пустэча, вір падзей далёка па-за, не ўнутры тоўстых сцен. Заспець іх у Гродне даволі праблематычна. Хоць "Вокны" (вуаерыстычны фотапраект з застылымі сюжэтамі) творцы пакуль што здымаюць выключна ў родным наваколлі. І ёсць яшчэ камерцыйны брэнд - прадакшн Kinoproby, візуальныя праекты ад ідэі да продажу, якія збіраюць. Нефарматныя ідэі генеруюць драйв, энергію, тактыльнасць, збіраюць мільёны праглядаў у сацсетках і самавітыя брэнды ў партфоліа. https://kino-proby.com/commercial
У асабістых праектах Жэні як мастака і фатографа, Эміля як мастака і музыканта як дадатковыя ўзаемазвязаныя элементы адлюстравання прасторы і ідэі, змешваюцца фота і відэа-арт, анімацыя, жывапіс, перфоманс, гукі, пахі. У партфоліа - дзясяткі выставаў, у тым ліку персанальныя ў Францыі, Польшчы і ў Беларусі. У чэрвені выйшаў новы музычны альбом Эміля VHS. Восем трэкаў расцягваюць лета, пераўтвараючы яго ў лянівы электронны after party з кактэйлем у адной руцэ і салодкімі галасамі ў галаве.
"Запавольванне" – серыя фота і відэа Яўгена Рамашова і Эміля Зянко пра відавочна простыя, але глыбокія і важныя пачуцці, якія ў хуткасці сённяшняга дня могуць прыглушацца ці зусім задушвацца. Гэта праект пра псіхалагічныя станы, у якія прапануецца пагрузіцца разам з медытатыўным саўнд дызайнам і сканцэнтравацца на сваіх адчуваннях, успамінах.
"Запавольванне": пачынаючы з ранняга дзяцінства, мы калекцыянуем пахі, смакі, гукі і адчуванні. Усё, што калісьці закранула нашу сэнсорыку, адлюстроўваецца флэшбэкамі, будзе з'яўляцца ў снах і па-майстэрску кіраваць нашай падсвядомасцю. Першы "ўкус" крапівы на скуры; гразкасць зямлі пад нагамі пасля летняй навальніцы; горкі пах палявых кветак, неспадзявана прымятых, калі хаваўся ў іх з галавой.
Яўген Рамашоў: "Ёсць яшчэ асобны напрамак, які стараемся не закідваць. Працуем над жывапісам. Я сышоў у абстрактнае, Эміль - у анімалістыку. Майстэрня ў Вежах - акурат тое самае месца, дзе хочацца гэтым займацца. Прастора схіляе да таго.
Відэа мае адмысловую магію, там можна стварыць любую ілюзію для гледача. Аднойчы наш ролік патрапіў у шортліст берлінскага фэсту кароткіх метраў аб танцы (у асноўным - усё аб сучаснай харэаграфіі). "Марыя" - дзяўчына, якая танчыць у святле фар на ўскраіне гета, вырасла ў Парыжы, не мела ніякага дачынення да харэаграфіі, але ў кадры яна танцор. Эміль напісаў выдатную кампазіцыю, і вось ты ўжо апускаешся ў іншы стан. Тэмпература на вуліцы - прыкладна +3 і церушыў ледзяны дождж. Але на відэа гэта не адчуваецца. https://vimeo.com/manage/videos/645541616
Шэсць год таму Жэня з'ехаў у Парыж "папрацаваць на будоўлі", а запусціў з жонкай Вольгай Рамашовай у Францыі kinoproby. Эміль піша музыку. У кліентах пабывалі Adidas, The Attico, The Kooples, Dior, працы публікавалі Vogue Paris Harper's Bazaar
«Заўтра для нас - занадта абстрактнае. Мы зразумелі, што шанцавання як такога не бывае, за ім стаіць шмат працы і дзеянняў. Няма графіка, ты ўвесь час у разумовым працэсе, без выхадных. Губляешся ў часе. У нядзелю мантуеш да 4-х раніцы, а на досвітку трэба фатаграфаваць Эміля ў лужыне. Складана ў вялікай плыні не выгараць, трэба прыпыняцца. Вядома, мы сочым за індустрыяй, аналізуем, як усё развіваецца, узаемадзейнічае. Але зараз не важныя сродкі выказвання, патрэбныя ідэі, дзеянне. Для нас няма гонкі за тэхнічнымі характарыстыкамі: можна зняць на старую dvd бацькоў за 20 $ ці на тэлефон. Галоўнае, як. Усё залежыць ад таго, што ты жадаеш убачыць па выніку. Імкнемся не заганяць сябе ў рамкі. У Францыі нам вельмі моцна пашчасціла: у нас на ўсе праекты, акрамя аднаго, быў карт-бланш, калі ты робіш тое, што хочаш, без пасрэднікаў. Мы не ўкінулі ў рэкламу аніводнага цэнта, ні за адзін пост прынцыпова… ды таму, што ў нас само пайшло, ідзе і няма сэнсу траціцца, каб нас пушылі і прасоўвалі. Ёсць класны падыход, калі буйны брэнд проста просіць паставіць свой лагатып, а мы робім яго інтэграцыю. У цэлым, прыходзіць нешта буйное, плаціць, і за кошт гэтага жывем і здымаем сваё".
Паглынаючы мегаполісы і прасторы, асноўная каманда kinoproby ( а гэта Яўген і Вольга Рамашовы, Эміль Зянко) час ад часу вяртаецца дадому, у Гродна. Праўда, больш да вясковых укладаў у прыгарадзе, чым да гарадскога жыцця. «У горад выбіраемся кавы выпіць, а так - па палях, па лугах, па рачулках… Можна час паставіць на паўзу, падумаць, як далей быць. Паглядзім, куды гэта ўсё прывядзе»…
Увесь праект "Вежы" па беларуску глядзіце тут (opens new window)